ШЧУ́ЧЫНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ,

сярэдняя навуч. ўстанова ў 1718—1832 у г. Шчучын Гродзенскай вобл. У 1718 у Шчучын піяраў запрасіў гаспадар мястэчка Ю.​Глябецкі, які перадаў ім мясц. парафіяльны касцёл і ахвяраваў 23 735 злотых. Калі маёнтак перайшоў да яго дачкі Тэрэзы, яна пацвердзіла фундацыю бацькі; тое ж у 1726 зрабіў і сойм. Калегіум пры кляштары св. Георгія засн. ў 1718 (пры ім пэўны час дзейнічалі семінарыя для ордэнскай моладзі, дзе выкладаліся нават усх. мовы, і аптэка). Існаваў на прыватныя ахвяраванні, падпарадкоўваўся Літоўскай навуч. акрузе. Меў 3 класы і 5 выкладчыкаў. У 1783 Адукацыйная камісія рэарганізавала калегіум у падакруговае вучылішча (у 1785 у ім было 119, у 1789—69 вучняў; у 1803 было 5 класаў і 7 выкладчыкаў). У 1804 з Гродзенскай дамініканскай школы сюды пераведзены фундуш у 40 тыс. злотых гродзенскага старосты А.​Храптовіча для ўтрымання 10 юнакоў са збяднелай шляхты, а калегіум пераўтвораны ў 6-класнае пав. вучылішча з гімназічным курсам навучання (выпускнікі мелі права паступаць ва універсітэты). У 1817 было 7 выкладчыкаў і 201 вучань, у 1822—152 вучні, у 1823—73 вучні. 19.2.1823 тут утворана нелегальнае вучнёўскае т-ва (філіял віленскіх філаматаў), якое было раскрыта паліцыяй. У 1825 калегіум ператвораны ў звычайнае 4-класнае пав. вучылішча, у 1832 скасаваны. У ім выкладаў прыродазнавец С.Юндзіл, вучыліся філосаф К.Нарбут, гісторык-археограф М.Догель, геолаг І.Дамейка, паэт Ю.​Корсак і інш.

Літ.:

Белецкий А.В. Исторический обзор деятельности Виленского учебного округа за первый период его существования, 1803—1832. Отд. 3. Вильна, 1906;

Сборник материалов для истории просвещения в России. Т. 1. СПб., 1893;

Beauvois D. Szkolnictwo Polskie na ziemiach Litewsko-Ruskich, 1803—1832. T. 2. Rzym;

Lublin, 1991.

А.​Ф.​Самусік.

т. 17, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)